22:33 15 октября 2018, понедельник

Калі нарадзіліся горацкія вёскі?

Часцяком гісторыя вёскі пачынаецца значна раней, чым з’явілася пісьменнасць, аб чым сведчаць археалагічныя помнікі на тэрыторыі Горацкага раёна.

Вывучаючы гісторыю населеных пунктаў нашага краю, мы сутыкнуліся з адной агульнай акалічнасцю: практычна побач з кожнай вёскай працякае рака ці ручай. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што людзі пасяліліся тут вельмі даўно, калі яшчэ не ўмелі капаць калодзежы і карысталіся вадой з ракі. Але датай заснавання населенага пункта прынята лічыць дату першага пісьмовага ўпамінання.

Самымі старымі населенымі пунктамі нашага рэгіёна з’яўляюцца вёскі Горы, Сава і Шышава, якія як сёлы былі вядомы ўжо ў 1303 годзе. Другой па ўзросце можна лічыць вёску Хамянічы, якая вядома з 1522 года як сяло Магілёўскай воласці, якое яе гаспадар Сямён Падбярэзскі завяшчаў царкве. Далей ідзе вёска Леніна (Раманава да 1918 года), якая ўпамінаецца з 1523 года. Чацвёртае месца ў гэтым спісе займае горад Горкі, які як маёнтак ўпамінаецца ў 1544 годзе. У 1565 годзе як сяло і цэнтр маёнтка ўзгадваецца вёска Юркава. У 1566 як сяло Шышоўскай воласці Аршанскага павета згадваецца вёска Паршына.

У 1595 годзе як уласнасць Саколінскага касцёла ўпершыню ўпамінаюцца вёскі Равячына (с.Равяцічы) і Сакалова, у 1596 г. як сяло ў складзе маёнтка Горы ўпамінаецца вёска Чашнікі. З 1599 года вядомыя вёскі Буды, Вішня (с.Піянкі), Глінькава (с. Глінкова), Задарожжа, Канюхі, Кацялева, Малое Марозава, Нежкава (в.Мешкава), Нівішчы, Паляшчыцы (в.Палашыцы), Рэкта, Сенькава, Філіпава, Малыя Шарыпы, якія ў той час адносілася да маёнтка Шышова Шышоўскай воласці Аршанскага павета. З 1609 года ў складзе гэтага ж маёнтка ўпамінаюцца вёскі Галышына, Тосна, Халмы (с.Голмец) і Чапляёўка (Чаплюшына). З 1622 года – Азаравічы (с.Сапрыкі), Андзекалава, Воўкаўшчына, Добрая, Зубры (слабада Зуброва), Ермакі, Калацілы (Калацілава), Лебедзева, Лукі, Вялікая Каралёўка (с.Каралёва), Малая Каралёўка (в.Ваўкалакі), Кузавіна (с.Сутокі), Масалыкі, Машкова, Мікуліна, Мядзведзева (с.Мядзведкава), Радзівонаўка, Рэкатка, Саракапуды (с.Саракапуты), Славікі (в.Словікі), Турышчава, Тушкава, Харкаўка, Ходаравічы, Чурылава, Шаўнева, Ярцаўка (Ярцава). Яны ў той час уваходзілі ў склад маёнтка Вялікія Горы.

Як сяло Чамаданаўскага войтаўства Аршанскага павета з 1635 вядома вёска Цімохаўка (с. Галубінка). Як маёнтак ў 1639 годзе ўпамінаецца вёска Барсукі.

З 1643 года вядома вёска Ходараўка (што зараз у Аўсянкаўскім сельсавеце) у складзе Кішчаўскага войтаўства Шклоўскага графства.

У інвентарах 1647 года ў складзе маёнтка Раманава ўпамінаюцца вёскі Зайцава, Казлы, Касцюшкава (Трыгубава), Куртасы, Майсеева, Пераможная (с.Паўзухі), Сафонава (с.Пузікі), Стараселле, Старына, Сысоева, Шалаханаўка.

У 1667 годзе ўпамінаецца в.Андрухі (с.Андрукі) у Аршанскім павеце, як цэнтр воласці з 1668 года ўпамінаецца в.Сялец, з 1670 года вядома в. Анікавічы як цэнтр войтаўства ў Копыскім графстве, і в.Варкава.

У 1683 годзе ў складзе казённага маёнтка Горы упершыню ўпамінаюцца вёскі Акушкі (в.Акушкіна), Альхавец, Аршані, Арлы, Балбечына, Валынцава, Галёнкі, Гушчына, Клімацічы, Красуліна, Лугіны, Малькі, Маралёўка (в.Муралёўка), Мацюты, Панкратаўка, Папкоўка (в.Папоўка), Пнеўшчына, Пуплы, Рудкаўшчына, Сахараўка, Стан (в.Станок), Студзянец, Сураўцова, Ульяшына, Чапялінка, Шавароўка, Шарыпы Вялікія.

З 1688 года вядома в.Грывец як сяло ў складзе маёнтка Сялец, а з 1689 – Кварцяны (яна ж Буды Харцяны) у складзе маёнтка Горы.

У 1695 годзе як вёскі Сарцілаўскага ваяводства Шклоўскага графства ўпамінаюцца вёскі Аўсянка, Гулідаўка, Душкі, Крыўцы, Кустоўка, Маслакі, Шапялёўка, Шэды. 1701 год можна лічыць годам нараджэння вёскі Копцеўка ў складзе Мсціслаўскага ваяводства. У 1742 годзе як сёлы Копцеўскай воласці ўпамінаюцца вёскі Рудня і Пясочня (Пясечна).

З 1750 года як вёскі маёнтка Горкі вядомы Мядзведаўка і Каменка.

Вёскі Паташы (Поташа), Тушавая, Ходараўка ў складзе Аршанскага павета вядомы з 1772 года. А з 1777 года – вёскі Асіповічы, Бацвіннева, Дружная (Каравяк), Ермалоўка, Жаўлачоўка, Кукшынава (в.Кукшына), Ліхачова, Логінава, Любіж, Малыя Анікавічы, Міколенка (в.Мікулінка), Напраснаўка (в.Красноўка), Палёнка (в.Палёнка), Палішына, Першыно, Светлая (да 1934 г. Асталопава), Ходараўка, Целяшоўка (в.Целяшоў), Чысцікі ў складзе таго ж Аршанскага павета. З 1784 года – Міхайлавічы як вёска Копыскага павета. З 1785 года – Валаўцы як вёска маёнтка Горкі, Гарадзец як сяло, цэнтр маёнтка Іванова, Макараўка ў складзе маёнтка Раманава, Нікадзімава ў складзе маёнтка Горы.

У 1795 годзе як вёска Аршанскага павета ўпершыню згадваецца Арлоўшчына, у 1826 годзе ўпамінаецца в.Слабада (Горскага сельскага Савета) як вёска ў складзе фальварка Целех Магілёўскага павета.

1848 год – в.Сураўцова як маёнтак Аршанскага павета, а 1850 год – Буда як вёска Мсціслаўскага павета, 1858 год – в.Стрыкілі як сяло Горацкага павета, у 1862 годзе – Шацілаўка як маёнтак, 1871 г. – Сальнікі як маёнтак.

1897 год – Лянполле як пасёлак, Марозава Вялікае ў складзе горскай воласці, Ферма як ферма Міхайлавічы.

У пачатку дваццатага стагоддзя ў час правядзення Сталыпінскай аграрнай рэформы і высялення на хутары часткі Горскай абшчыны ўзніклі вёскі Быстрая і Курганне.

З 1909 года вядомы вёскі Клін у Маслакоўскай воласці і Трасное (як хутар Гарэлы) Гарадзішчанскай воласці .

У 1920-я гады на былых памешчыцкіх землях з’явіліся вёскі Дубовы Вугал, Завідаўка, Зімнік, Маставы, Калінаўка, Садок, Слабада, Тудараўка, пасёлак Гошч-Чорны.

Пры правядзенні землеўпарадкавання ў 20-я гады мінулага стагоддзя вёскі Масалыкі з’явіўся пасёлак Чарнічны. Пры землеўпарадкаванні хутароў Маслакі – вёска Шацілаўка, сяла Анікавічы – Вялікія Анікавічы, пры перасяленні з іншых вёсак утварылася вёска Альхоўка.

Пасля Чарнобыльскай аварыі на тэрыторыі Горацкага раёна ў выніку перасялення з забруджаных рэгіёнаў у 1991 годзе з’явіліся вёскі Камаровічы і Старынка.

Зараз на тэрыторыі Горацкага раёна існуе 169 вёсак, іх колькасць на жаль змяншаецца. Іх назвы сыходзяць у гісторыю, пераймяноўваюцца. І толькі дзякуючы гісторыкам, краязнаўцам мы маем магчымасць ведаць гісторыю не толькі сучасную, але і далёкую.

Святлана Скаромная


Добавить комментарий

Для добавления комментария вы можете войти на сайт при помощи учетной записи одного из сервисов:

             

Защитный код
Обновить

Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter