05:39 20 августа 2018, понедельник
Current file decoding error Невозможно получить данные

Вуліцы нашага горада

Пасля таго як Горкі адышлі да Расіі, тут быў праведзены перапіс насельніцтва і складзены так званыя “Ревизские сказки”. З іх бачна, што ў горадзе было дзве плошчы – Базарная і Сінагогская, вуліцы Базарная, Аршанская, Мсціслаўская, Смаленская, Пілатава, Красінская, Прабойная і два фарштаты (прадмесця) – Замясніцкі і Казіміраўскі.

Базарная плошча была на месцы кірмашу – зараз там дзіцячы сквер. На тым месцы, дзе цяпер завод напояў, стаялі дзве сінагогі, таму і плошча насіла назву – Сінагогская.

Вуліца Аршанская потым стала Вялікай Аршанскай, таму што ішла ў напрамку Оршы. Пасля кастрычніка 1917 года яе перайменавалі ў Інтэрнацыянальную. А калі памёр Іван Якубоўскі, вуліцу назвалі ў гонар савецкага маршала.

Мсціслаўская вуліца ішла і ідзе зараз паралельна ўзгаданай Аршанскай. Назвалі Мсціслаўскую вуліцу так, бо вяла яна на суседні Мсціслаў. Гэтая вуліца дзялілася на дзве часткі: да моста называлася Мсціслаўская, пасля моста – Дваранская.

Пасля 1917 года ўся вуліца называлася Мсціслаўская. Калі ж памёр Пётр Машэраў, кароткі час вуліца Мсціслаўская насіла яго імя. Цяпер жа яна – Савецкая.

Смаленкая вуліца вяла ад цэнтру горада да тэрыторыі сельскагаспадарчых установаў. Пасля Кастрычніка 1917 года стала называцца Бруцара-Ерафееўская.

Дзе была вуліцы Пілатава і Прабойная – невядома дагэтуль.

Казіміраўскае прадмесце – гэта сённяшняя вядомая ўсім Слабада. Там да 1917 года былі вуліцы Шасейная, Магілёўская, Папоўская, Крастовая, Варотная, завулкі Крывы ды Лабусова. У 1931 годзе тамтэйшыя вуліцы атрымалі новыя назвы: Калгасная, Працоўная, Першамайская, Піянерская, Кастрычніцкая, Камсамольская.

Замясніцкае прадмесце – гэта цяперашняе Зарэччэ. Там да 1917 года былі вуліцы Асабнякоўская, Арэшнікавая, а таксама завулак Ветраны.

Ранейшая вуліца Красінская ідзе паралельна Бруцара-Ерафееўскай. Таксама паралельна ёй ідзе вуліца Леніна, якая да 1917 года называлася Раманаўскай.

У архівах Горацкага гісторыка-этнаграфічнага музея ёсць два планы Горак 1897 і 1905 гадоў. З іх бачна, што ў Горках была яшчэ вуліца Азёрная. Яна і зараз ёсць, ідзе каля ракі Парасіцы. Раней там было возера і млын, якія не захаваліся.

Вуліца, што вяла ад моста на Слабаду да тэрыторыі маёнтка, насіла назву Дварцовай, бо ішла да дварца графа Л.Салагуба. Калі адкрылі земляробчае вучылішча, а потым інстытут, яе пачалі называць Інстытуцкая, а калі памёр Ф.А.Сурганаў, дык вуліцы надалі яго імя.

Вуліца, што вяла да будынку аптэкі Падзерскага, мела назву Сталярная. Калі памерла Надзея Крупская, наша Сталярная была перайменавана ў гонар жонкі Леніна.

Каля будынку турмы жылі салдаты-ахоўнікі. Таму і месца гэта называлася Салдацкая слабодка. Зараз гэта вуліца Сацыялістычная.

На старых планах ёсць яшчэ вуліцы Школьная 1 і Школьная 2. Вялі яны ад мясцовага кірмашу да рэчкі Парасіцы. У час перабудовы горада гэтыя вуліцы зніклі, як і вуліца Паштовая.

Другую назву атрымала вуліца Зялёная. Спачатку яна мела назву імя 40-годдзя Кастрычніка, а з 1993 года пачала насіць імя класіка айчыннай літаратуры М.Гарэцкага. Побач ішла вуліца Малая Аршанская. Зараз гэта вуліца В.Куйбышава.

З савецкіх часоў у горадзе таксама існуюць вуліцы: А.Кашавога, В.Чапаева, А.Пушкіна, С.Каралёва, К.Цыялкоўскага, О.Шмідта, Ф.Дзяржынскага, С.Пагодзіна, Ф.Энгельса, М.Горкага, К.Заслонава, С.Ясеніна, В.Молакава, М.Гастэла, К.Маркса, А.Суворава, Рабочая, М.Кутузава, С.Лазо, Я.Коласа, Я.Купалы, У.Маякоўскага, М.Чарнышэўскага, Стаханаўская, Вакзальная, Міра, Чыгуначная, М.Някрасава, В.Бялінскага, М.Дабралюбава, А.Чэхава, М.Урыцкага, А. Луначарскага, І.Папаніна, А.Матросова, С.Кірава, М.Фрунзе, М.Астроўскага, Дз.Фурманава, Д.Міронова, Л.Талстога, Е.Чайкінай, Ю.Тэльмана, Першамайская, А.Саветава, І.Сцебута, М.Рытава, І.Мічуріна ды Ленінскі бульвар.

Адносна нядаўна з’явіліся вуліцы Ф.Кузняцова, У.Камарова, А.Гагарына, Касманаўтаў, М.Мандрыкава, І.Чэрнікава, праспект Г.Дзімітрава.

У апошні час у Горках новым вуліцам пачалі даваць такія назвы: Кветкавая, Палявая, Мядовая, Вішнёвая і г.д. Што ж, і такія назвы маюць права на існаванне. Але, на мой погляд, новым вуліцам трэба надаваць імя герояў Савецкага Саюза, Ганаровых грамадзянаў горада, знакамітых вучоных, пісьменнікаў, мастакоў, што нарадзіліся ў Горках і раёне.

Уладзімір Ліўшыц


Добавить комментарий

Для добавления комментария вы можете войти на сайт при помощи учетной записи одного из сервисов:

             

Защитный код
Обновить

Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter